У вёсцы Сямігосцічы у 1890-1891 навучальным годзе створана царкоўна-прыходская аднакласная школа з двухгадовым тэрмінам навучання. У гэтым навучальным годзе вучылася 17 вучняў. Заняткі праводзіліся ў трох прыватных дамах (па вясковаму ў дамах Беганоў, Пупеляў і Рэмязоў).
У 1912 годзе значны след у развіцці асветы ў Сямігосцічах пакінула сельскагаспадарчае таварыства, створанае ў Давыд-Гарадку. Таварыства прапагандавала агранамічныя веды. У гэтым жа годзе таварыствам каля вёскі Сямігосцічы стварыла пазальны хутар. Яго пасека, фруктовы сад, доследнае поле для вырошчвання карняплодаў, малочная ферма па задумцы арганізатараў павінны былі служыць узорам сялянскай гаспадаркі. Паказальны хутар выклікаў цікавасць ў мясцовай моладзі да сельскагаспадарчай навукі.
У гэты час асобныя сем’і адпраўлялі дзяцей вучыцца ў народных вучылішчах у вёску Аздамічы, або ў Давыд-Гарадок.
У 1934 годзе ў вёсцы ў двух прыватных будынках акрываецца пачатковая школа па польскай мове. У ёй дзеці вучыліся чатыры гады.
У 1936 годзе закончылася будаўніцтва новага драўлянага будынка школы першай ступені.
З верасня 1940 года ў былым памяшканні польскай школы савецкай уладай была адкрыта пачатковая школа з беларускай мовай навучання.
З 23 чэрвеня 1941 года па 1944 год школа не працавала. У памяшканні школы размясціўся нямецкі гарнізон, падыходы да школы былі замініраваны, а за высокімі драўлянымі платамі сядзелі кулямётчыкі.
З верасня 1944 года аднавіліся заняткі ў Сямігосціцкай пачатковай школе, а 1947 годзе пачатковая школа рэарганізавана ў сямігодку.
У 1965 годзе сямігодка стала агульнаадукацыйнай сярэдняй школай, годам раней да будынка школы зроблена прыбудова, дзе размясціліся два класы.
Колькасць дзяцей узрастала, таму ў 1969 годзе была зроблена яшчэ адна прыбудова, дзе размясціліся пяць класных пакояў і сталовая. Але ўсё роўна заняткі праводзіліся ў дзве змены.
У 1992 годзе пачаліся заняткі ў новым тыпавым будынку школы. У 2005 годзе на базе школы адкрыты дзіцячы сад.
З 1967 года па 2015 год у Сямігосціцкай школе агульную сярэднюю адукацыю атрымалі 1048 жыхароў вёскі, з іх былі ўзнагарожаныя залатымі і сярэбранымі медалямі 40 чалавек.