Гісторыя населенага пункта

Адкуль пайшла назва

"Той, хто не памятае мінулага,не заслугоўвае будучыні"

 

Існуе выказванне – "гісторыя пачынаецца з легенды ўзнікнення  назвы вёскі". Cамая распаўсюджаная версія ўзнікнення назвы "Семігосцічы", якую перадаюць з вуснаў у вусны самі вяскоўцы.

Аднойчы з’явіліся на рацэ Прыпяць сем чаўноў, у якіх сядзела сем братоў. Яны плылі ў пошуках нявест, каб ажаніцца і стварыць моцныя сем’і. Даплалі яны да Сенькавага дуба і вырашылі крыху адпачыць. Ды так спадабалася ім у гэтым месцы,так уразіла іх прыгажосць тутэйшага краю, што вырашылі застацца назаўсёды. Праз паўгода знайшлі яны сабе нявест у суседніх паселішчах і пабудавалі сабе сем вялікіх хат, якія і лічыліся першымі пабудовамі вёскі. Назваць вёску спачатку хацелі іменем аднаго з братоў, але потым падумалі, што гэта можа іх пасварыць, і далі назву "Семігосцічы".

свернуть

З гісторыі

Першыя ж пісьмовыя звесткі аб вёсцы датуюцца 1640 годам. Менавіта ў гэтым годзе на вёску быў складзены інвентар, у якім была ўказана плошча і выгляд паселішча, даходы памешчыка, якому належала вёска, павіннасці сялян перад памешчыкамі і многае іншае. Вось кароткі ўрывак (перавод з польскага): “Двор сам, Семагостичи ,имеют входные ворота. Эти ворота ведут до двору, до которого принадлежат в этом дворе большой дом, разделенный на две большие половины с семьями… Две избы  имеют камин. В этих избах две двери застеклённые. В одной из изб печь кафельная, зелёная, а в другой избе белый кафель со столами и лавами… Около домов пекарня с броваром и баней, покрытых дранкой. За ними студня. По левой стороне того же двора находятся сарай и стайня. Два сада и огород, всё это окружено тыном…»

Людзі павінны былі паляваць аброк натурай ці грашыма. А займаліся вяскоўцы, у асноўным, земляробствам і жывёлагадоўляй, таму толькі ад колькасці і якасці зямлі залежаў іх дабрабыт. Такая узаемасувязь паміж зямлёй і вяскоўцамі пройдзе чырвонай ніткай праз усю гісторыю вёскі.

У канцы  XVIII- пачатку  XIX ст. сяло з’яўлялася ўласнасцю памешчыкаў Рамультаў. У 1795 г. налічвалася 7 двароў, каля 40 жыхароў. Потым сяло перайшло да Кіневічаў, якія былі апошнімі яго ўласнікамі. У 1886 г. налічвалася ўжо 35 двароў, 414 жыхароў. У 1891 г. існавала царкоўнапрыходская школа, якую наведвалі 17 вучняў. Паводле перапісу насельніцтва 1897 г.- 89 двароў, 665 жыхароў, дзейнічалі царква, хлебазапасны магазін. Царква, пабудаваная каля 1886 года, была прыпісной і ўваходзіла ў Альшанскі прыход, настаяцелем якога быў Рыгор Каржанеўскі. Вёска павялічвалася с кожным годам  і ўжо ў 1909 г. складалася са 140 двароў і налічвала 989 жыхароў.

Перыяд з 1921 па 1939 гады быў для вёскі, як і большай часткі краіны, цяжкім як з маральнага боку, так і з матэрыяльнага. Вёска ўваходзіла ў склад Польшчы, якая дыктавала свае правілы: навучанне вялося толькі на польскай мове, галоўнай была прызнана каталіцкая царква, улады цалкам кантралявалі жыццё. Даволі часта чула ад вяскоўцаў старэйшага пакалення наступныя словы: “Вельмі цяжка было жыць за Польшчай. Бяднота такая была, што вам (моладзі-аўт.) і ўявіть цяжка харчавацца толькі тым, што зямля давала, ты і тое прадавалі, каб хоць неабходныя рэчы набыць. А працавалі як! Ніводнага дня без работы не сядзелі. Жыць жа патрэбна было…”

Нідзе не ўпамінаецца аб тым, што жыў на Курэне (беразе ракі Прыпяць) пан Отто. Ён не меў вялікай улады, як раней, але ў яго працавала шмат людзей: лавілі рыбу, даглядалі зямлю, займалісь пчалярствам. Там жа знаходзілася і яго сядзіба, ад якой цяпер і знаку не засталося.

У 1939 годзе в. Семігосцічы складалася са 196 двароў і налічвала 1459 жыхароў. 1940-ы стаў годам стварэння калгаса “XVII з’езд ВКП”.

Здаецца, жыццё наладжвалася, але вайна бязлітасным агнём уварвалася ў мірнае жыццё вяскоўцаў. Мусіть, так было наканавана лёсам, каб зноў беларускі народ кранула чорнае крыло смерті. Шмат мужчын пайшло на фронд, засталіся жанчыны з дзецьмі. Дзяўчат немцы забіралі ў Германію на работы. Зноў  галота і бяднота. У Семігосцічах да вайны жылі тры яўрэйскія сям’і: Фельдман, Герчык і Літман. Усе яны былі забіты і пахаваны ў брацкай магіле ва ўрочышчы Хіноўск-Горкі за 2,5 км на захад ад вёскі Альшаны. У час вайны ў наваколлі вёскі дзейнічалі партызанскія атрады брыгады “Савецкая Беларусь”, але ў самой вёсцы баі не вялісь.

Адразу пасля вайны жыхары вёскі пачалі адраджаць спустошаныя землі. Асабліва цяжка было ў першае дзесяцігоддзе, калі давялося пачынаць усё спачатку: наладжваць работу калгаса, школы і гэтак далей. Адмоўнай асаблівасцю гаспадарчага жыцця вёскі, як і ўсяго раёна, былі частыя паводкі. Таму ў 1985 годзе ля вёскі вяліся работы на першых меліярацыйных аб’ектах. Шмат работнікаў калгаса былі ўзнагароджаны ордэнамі рознай ступені за поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі: Альгамец К. П., Альгамец В. В., Драпей Ц. А., Пінчук Ю. А., Пінчук Н. А., Тарасевіч М. С., Арлянін П. І. і многія іншыя. Насельніцтва ў 1980 годзе складала 1542 жыхары.

свернуть
поделиться в: