Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў літаратурнага конкурсу “Беларускі салавей”

19.01.2022

18 студзеня 2022 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў літаратурнага конкурсу “Беларускі салавей”, прымеркаванага да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі.

Конкурс быў ініцыяваны восенню 2021 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ладзіўся ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” пры ўдзеле газеты “Літаратура і мастацтва”, “Настаўніцкай газеты”, часопіса “Бярозка”, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, канала “Культура” Беларускага радыё і радыёстанцыі “Цэнтр FM”. У ім прынялі ўдзел 827 чалавек. Конкурс стаў папулярным сярод шырокай аўдыторыі дзяцей і дарослых з розных куточкаў Беларусі і нават прыцягнуў увагу замежных удзельнікаў.

Мерапрыемства пачалося а 14-й гадзіне ў галерэі “Лабірынт” (3-ці паверх). Ганаровым госцем стаў сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік. Ён шчыра падтрымліваў творчую ініцыятыву, сачыў за ёй, знаёміўся з працамі ўдзельнікаў. Сустрэча з такім цікавым чалавекам і віншаванні ад яго былі адным з лепшых і найбольш каштоўных падарункаў для гасцей і ўдзельнікаў святочнай імпрэзы.

З прывітальнымі словамі да пераможцаў конкурсу, іх настаўнікаў, бацькоў і родных звярнуліся сябры журы і аргкамітэта. Усіх лаўрэатаў чакалі памятныя падарункі і віншаванні ад інфармацыйных партнёраў конкурсу.

Святочны настрой гасцям мерапрыемства падарылі музычныя выступленні Алесі Сівохінай, аўтара ўласных песень, рэжысёра, мастацкага кіраўніка народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”, і іншых выканаўцаў. Госці мерапрыемства пачулі вершы Змітрака Бядулі ў выкананні вучняў сярэдняй школы № 34 г. Бабруйска, праслухалі конкурсныя эсэ.

Прыемнай нечаканасцю для прысутных стаў незвычайны падарунак, які ўручыла Нацыянальнай бібліятэцы бібліятэкар Пінкавіцкай сельскай бібліятэкі, удзельніца конкурсу “Беларускі салавей” Святлана Мажароўская.

Па завяршэнні імпрэзы ўдзельнікаў чакала экскурсія па “алмазе ведаў”.

Вельмі прыемна, што сярод пераможцаў былі вучаніцы Столінскага раёна: 3-е месца - Фурман Дар'я (катэгорыя 10-13 гадоў), эсе "Новая старая казка" ("Сярэбраная табакерка" sequel); педагог - Буйніч Ларыса Уладзіміраўна (ДУА "Сярэдняя школа №2 р.п. Рэчыца", Столінскі раён). Літвін Крысціна (11 клас) узнагароджана дыпломам за даследчую работу па творчасці Змітрака Бядулі, даследчая работа "Сінтаксічныя фігуры як сродак экспрэсіўнага сінтаксісу ў аповесці Змітрака Бядулі "Салавей"; педагог - Арлянін Яніна Фёдараўна (ДУА "Сямігосціцкая сярэдняя школа", Столінскі раён). Віншуем пераможцаў з узнагародамі, іх настаўнікаў і бацькоў!